• Беларуская мова
  • English
  • Забронировать

    Легенды і паданні краю Нарачанскага

    Край Нарачанскі… Святая беларуская зямля, мілая і дарагая сэрцу мясціна. Край паэтаў і ваяроў, рамантыкаў і шчырых духам людзей. Яго любяць пяшчотна і раўніва тыя, хто тут нарадзіўся; яго кахаюць узнёсла і аддана тыя, хто хоць раз наведаў гэты цудоўны куток. Хіба ж можна забыцца на высокія і стромкія ўзгоркі, што пакінуў тут у глыбокай мінуўшчыне ледавік; на багатыя і разнастайныя лясы, што кружаць галаву сваім смалістым водарам; на празрыстае і чыстае паветра, што можна піць як цудадзейныя лекі; на добрых і шчырых людзей, якія сваёй прыязнасцю і гасціннасцю раскрываюць усю прыгажосць беларускай душы…

    Але Нарачанскі край – гэта найперш азёры. Менавіта яны надаюць гэтай зямлі непаўторную адметнасць, якая вабіць да сябе блізкіх і далёкіх падарожнікаў.

    Азёр у Нарачанскім краі шмат, каля паўсотні, і кожнае з іх не толькі цікавы прыродны аб’ект з уласцівай толькі яму геаграфіяй і гісторыяй, але і скарб духоўны, у якім, як у чароўным куфэрку, назапашаны легенды і паданні, прыказкі і прымаўкі, цікавыя назвы і мясцовыя здарэнні. Каб азёры маглі гаварыць, то мы пачулі б шмат цікавых апавяданняў пра вадзянікоў і русалак, рыбакоў і аматараў вандровак, птушак і звяроў.

    На жаль, азёры не размаўляюць. Але кожнае возера мае сваю непаўторную энергетыку, сваю аўру. Яна – ў мелодыях хваляў, у шэпце чаротаў і трыснягоў, у плёскаце рыбы, галасах жывёл, птушак, дрэў. Варта толькі паехаць да возера – чуламу сэрцу заўсёды адкрыюцца таямніцы дзівосных беларускіх скарбаў…

    Легенды Нарачанскага краю

    Легенды Блакітных азер

    Нарачанскія паданні

    Нарач

    Не было Нарачы тут. Не было Баторына i Мястра. Не было гэтых белакорых прыбярэжных бяроз, тужлiвага крыку чаек i выбеленых стагоддзямi аблачын. Была зямля – гiблая, чорная, як i яе абрабаваная доля. I жыла на гэтай зямлi непрыгожая, рабая, як i сама зямля, дзяўчына Алёнка. Але душой была Алёнка святлей самага белага дня – столькi непрыкметнага хараства таiлася ў ёй. Радавалiся дзявочай дабраце простыя людзi, не раз сушыла яна слёзы iх горкай нядолi. I ўсiм сэрцам пакахаў рабую дзяўчыну хлопец-прыгажун.

    Толькi сярод людзей былi i нядобрыя, злыя людзi. Яны балюча дакаралi хлопцаву нiцавокасць, павучалi яго:

    – Вачэй мець не трэба, каб бачыць, якая чорная, брыдкая твая абраннiца.

    Захлынулася пакутнай журбою раненае сэрца. Да свiтальных зор насiў хлопец па чорнай зямлi горкую скруху, i яна лiлася з сэрца самотнай, тужлiвай песняй. I столькi непадробнага пачуцця было ў яе простых словах, столькi жадання надзялiць прыгажосцю свет цэлы. Не магла песня не крануць сэрца добрага чараўнiка. I ён, расчулены ёю да слёз, вырашыў дапамагчы хлапечай бядзе: падараваў яму чароўнае люстэрка. Паглядзелася ў люстэрка Алёнка – прыгажуняй няпiсанай стала. Пасвятлела на чорнай зямлi ад яе дзiвоснай красы. У сведкi да iх шчасця клiкаў хлопец усiх добрых людзей. Упершыню яго сэрца пела пра шчасце.

    Аднак нядоўгiм было яно. Дачуўся пра гэты цуд магнат з палаца. Зайздрасцю засвяцiлiся хцiвыя вочы, калi паланянка-прыгажуня пераступiла княжы парог.

    – Гэты скарб за ўсе iншыя мне даражэй, – адно i сказаў стары князь.

    Каханых разлучылi. Заклiнаючы сваю прыгажосць, жорстка дакарала ў палацы магната чароўнае люстэрка дзяўчына. У гулкiм вясельным гомане пырснула чароўнае люстэрка дробнымi асколкамi-промнямi. I там, дзе ўпалi асколкi, iмгненна ўзышла крынiца, забiлася ўспененая, бурная, як дзявочая нянавiсць. Пад хвалямi, празрыстымi i светлымi, як само каханне, хавала яна княжы палац. А калi пенныя хвалi ўлагодзiлiся, вачам людскiм адкрыўся дзiвосны цуд: ляжала перад iмi вялiзнае возера з блакiту i зор. I той, хто глядзеўся ў яго, прыгажэў душою i сэрцам…

    Возера-сэрца

    Пасля ўдалага палявання ў час вячэры-гулянкi паны дамовiлiся пажанiць сваiх дзяцей Галю i Вiнцэнта. Раней пытаць у дзяцей згоды не было прынята – усё вырашалi бацькi. Вяселле прызначылi праз чатыры гады, калi Галi споўнiцца 17 гадоў.

    Вiнцэнту пасля смерцi бацькi прыйшлося самому весцi гаспадарку, з-за чаго аставiў вайсковую службу. Вiнцэнтаў бацька быў скупаваты, сына грашыма не песцiў. Атрымаўшы спадчыну, сын вырашыў пагуляць, а потым узяцца за гаспадарку. Ён так аддаўся куцяжу (карты, шынкi, жанчыны), што хутка ўсё праматаў, нават праiграў у карты сядзiбны дом… Бацька Галi весцi гаспадарку запрасiў Данiлу, сына свайго сябра, якi якраз скончыў вучобу. Малады хлопец добрасумленна ўзяўся за справу. Ён некалькi разоў ў тыдзень аб’язджаў фальварковыя ўладаннi, сачыў за парадкам. Асаблiва любiў праехацца па “панскай дарозе”. Часта да яго падсядала ў брычку гарэзлiвая дачка пана – Галя. Яна як ластаўка шчабятала, захаплялася прыгажосцю азёр i ракi Страчы. Iншы раз спявала. Спеў яе паўтарала шматгалосае лясное рэха. Такiя паездкi былi прыемнымi i Данiлу. З часам яны не маглi быць адзiн без другога.

    У Альшэве рыхтавалiся да балю з нагоды семнацацiгоддзя Галi. Запрасiлi гасцей.

    У час чарговай паездкi Галя звярнулася да Данiлы:

    – Глянь на возера! Яно як сэрца. Хвалюецца таксама як маё сэрца…

    Потым яна абняла Данiлу, моцна пацалавала i цiха вымавiла:

    – Я хачу, каб на балi ты танцаваў толькi са мной. Згода?

    – Згода, – разгублена адказаў Данiла.

    На баль прыехала шмат гасцей. Прыехаў i Вiнцэнт. Калi ўбачыў прыгажуню Галю, то ўспомнiў пра заручыны. Вось удача! Шлюб дапаможа паправiць кепскiя справы.

    Пачалiся танцы. Па праву нарачонага Вiнцэнт заказаў мазурку i паiмкнуўся запрасiць Галю. А Галю вёў на круг Данiла…
    Вiнцэнт вызваў Данiлу на дуэль. Месцам двубою прызначылi палянку мiж ляснымi азёрамi, куды i паскакалi на карэтах. Даведаўшыся пра паядынак, Галя паiмчала наўздагон.

    Калi збягала з гары, то пачула два стрэлы. Потым убачыла Вiнцэнта, якi стаяў ля дрэва, трымаючы руку ля грудзей…

    Галя пабегла да параненага, каб аказаць дапамогу, а ў гэты момант Вiнцэнт выхапiў кiнжал i ўтапiў яго ў маладое дзявочае цела:

    – Нi мне – нi яму, – былi яго апошнiя словы.

    Данiла падхапiў дзяўчыну i панёс на гару да карэты.

    Яна абняла яго рукой i шаптала:

    – Любiмы. Дарагi. Не хвалюйся… Я выжыву… Я моцная. Мы будзем шчаслiвыя. Глянь на наша возера-сэрца…

    Возера было такое, як заўсёды. Але раптам вецер моцна ўзняў ваду i на сярэдзiне возера з’явiўся прадаўгаваты востраў. Ён нагадваў рану на сэрцы.

    Галя на руках Данiлы сканала.

    – Галя! Галубачка! Галубэлька мая! – у роспачы закрычаў юнак.

    – Галубэлька! Галубэлька-а-а-а, – некалькi разоў паўтарыла рэха.

    I зараз рэха на Галубэльцы паўтарае сказанае па некалькi разоў.

    Востраў – гэта застыўшая кроў раны на чыстым дзявочым сэрцы – з’яўляецца асуджэннем ганебных чалавечых якасцей: карыслiвасцi, зайздрасцi i рэўнасцi.


    Адрес
    222395, Республика Беларусь, Минская область, Мядельский район, к.п. Нарочь, ул. Ленинская, 11
    Телефоны
    Приемная руководителя
    Дежурный телефон
    Отдел туризма
    Лесной отдел
    Отдел охраны
    Научный отдел
    Электронная почта
    Электронная почта
    Научный отдел
    Отдел туризма
    Режим работы
    Пн-пт
    08:00 – 13:00, 14:00 – 17:00
    Сб-вс
    Выходной