На адлегласці прыкладна 10 кіламетраў ад горада Паставы Віцебскай вобласці на мяжы з паўночна-усходнім ускрайкам Нацыянальнага парка “Нарачанскі” месціцца прыродна-гістарычны комплекс “Крыжоўкі” (так гэта ўрочышча называюць мясцовыя жыхары).
На гэтым кавалку тэрыторыі Беларускай Паазёрскай правінцыі (на мяжы Падзвіння і Нарацка-Ушацкага Паазер’я), выцягнуўшыся з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ўздоўж левага берага ракі Мядзелка вабяць вока маляўнічыя марэнныя ўзгоркі, лагчына рэчкі, узбярэжжы азёр Доўжа і Варанец, а таксама унікальны прыродны комплекс “Сарочынскія азёры”, дзе на невялікай плошчы (каля 10-15 га) на рознай вышыні адносна ўзроўня мора ляжаць тры невялічкія лясныя возеры.
Разам з прыроднымі аб’ектамі гэты раён насычаны гістарычнымі памяткамі мінулых эпох: тут добра захаваліся бетонныя германскія ўмацаванні і могільнік часоў Першай сусветнай вайны, рэшткі былой агранамічнай школы пачатку ХХ стагоддзя (якая звязана з гісторыяй роду Друцкіх-Любецкіх), гаспадарчая гідратэхнічная сістэма міжваеннага часу, участак гістарычнага шляху Баторыя-Напалеона (Альгердаў шлях), помнік часоў Другой сусветнай вайны.
У 2012-2018 гадах у гэтых мясцінах было праведзена сем комплексных экспедыцый вучняў Пастаўскай гімназіі пад началам настаўніка геаграфіі Ігара Міхайлавіча Пракаповіча, падчас якіх вывучаліся формы рэльефа, морфаметрычныя, гідралагічныя і біялагічныя асаблівасці азёр і іх вадазборных басейнаў, гістарычныя помнікі. Гэта дазволіла сабраць значны матэрыял, які і стаў асновай для распрацоўкі гэтага турысцка-экскурсійнага маршрута.
На стадыі падрыхтоўкі інфармацыйнага суправаджэння на маршруце (ён мае два варыянты – 4 і 7 км), яго маркіроўкі і расчысткі праходаў да працы падключыліся супрацоўнікі навуковага аддзела нацыянальнага парка.
Ў рэшце рэшт з’явілася добрая магчымасць і дзіцячым групам (пад началам дарослых) і ўсім цікавячымся (паасобку, сем’ямі, гурткамі) здзейсніць пешае падарожжа, у час якога атрымаць сапраўдную асалоду ад прыродна-гістарычнай спадчыны на мяжы Пастаўшчыны і Мядзельшчыны…
Турысцка-экскурсійны маршрут «Крыжоўкі»